«ТРЫ́ЦЦАЦЬ ТЫРА́НАЎ»,

алігархічны ўрад, які кіраваў Афінамі ў крас.—снеж. 404 да н.э. Выбраны нар. сходам пад націскам Спарты пасля паражэння Афін у Пелапанескай вайне. У склад урада ўвайшлі зацятыя праціўнікі дэмакратыі на чале з Крытыем і больш памяркоўныя алігархі на чале з Фераменам. На аснове высокага маёмаснага цэнзу «Т.т.» абмежавалі колькасць паўнапраўных грамадзян да 3 тыс. чал., са сваіх стаўленікаў прызначылі «Раду 500», праводзілі рэпрэсіі ў адносінах да прыхільнікаў дэмакратыі (знішчана не менш як 1500 чал.). У выніку паўстання Крытый быў забіты, рэжым «Т.т.» скінуты; у Афінах адноўлена дэмакр. праўленне.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)